Пагоня


Пераход:
Іван Фёдараў
каля 1510 - 1583


Кнігавыдавец-асветнік, заснавальнік кнігадрукавання ў Расіі і на Украіне.

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Ф., некаторыя вучоныя лічаць, што ён паходзіць з беларускага роду Рагозаў. Паводле некаторых звестак, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе ў 1532 атрымаў ступень бакалаўра.

У 1550-я гады працаваў у т. зв. ананімнай друкарні ў Маскве. З 19.4.1563 да 1.3.1564 разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную рускую друкаваную кнігу "Апостал" (захаваўся 61 экз.). Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць С.Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574). 48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам і працягваюць традыцыі арнаментальнага ўбранства старажытнарускіх рукапісных кніг школы Феадосія Ізографа. Перапрацаваўшы арнаментальныя прыёмы гэтай школы, ф. і Мсціславец стварылі т. зв. старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім афармленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт "Апостала", які выкарыстоўваў Ф. і ў іншых сваіх выданнях, створаны на аснове маскоўскага паўустава канца 15 - пач. 16 ст. 29.9 і 29.10.1565 Ф. і Мсціславец выпусцілі ў Маскве 2 выданні "Часоўніка" (зберагліся 6 экз.) - кнігі для пачатковага навучання грамаце.

У 1566 з-за ганенняў з боку рэакцыйных свецкіх і царкоўных колаў Ф. і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся на Беларусь. Новую друкарню яны заснавалі ў Заблудаве (зараз Беластоцкае ваяводства ў Польшчы) у маёнтку гетмана Вялікага княства Літоўскага Р.А.Хадкевіча. У Заблудаўскай друкарні ў 1568-69 імі надрукавана "Евангелле вучыцельнае" (захаваліся 44 экз.) - зборнік гутарак і павучанняў з тлумачэннем евангельскіх тэкстаў. У ім змешчана таксама "Слова на Ушэсце" Кірылы Тураўскага - першы друкаваны помнік старажытнай усходнеславянскай літаратуры. На адвароце тытульнага ліста кнігі ў тэхніцы ксілаграфіі змешчаны герб Хадкевіча. Потым гэта кніга неаднаразова перавыдавалася на Беларусі і ў Літве. Пасля ад’езду Мсціслаўца ў Вільню Ф. надрукаваў у Заблудаве ў 1569-70 Псалтыр з Часаслоўцам (зберагліся 3 экз.). У канцы гэтай кнігі змешчана Пасхалія ў табліцах. Складаючы яе, Ф., відаць, выкарыстаў Пасхалію з "Малой падарожнай кніжкі" Ф.Скарыны, выдадзенай каля 1522 у Вільні.

Паколькі Хадкевіч рашыў спыніць выдавецкую дзейнасць, Ф. у канцы 1572 - пач. 1573 пераехаў у Львоў і заснаваў там першую на Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу "Апостал" (захавалася 97 экз., што сведчыць пра вялікі першапачатковы тыраж кнігі). Гэта кніга была паўторам маскоўскага выдання 1564 з дапаўненнем некаторых уступных тэкстаў і пасляслоўяў "Повесть... откуду начася и како сверится друкарня сия". Гэта пасляслоўе - першы друкаваны твор рускай мемуарнай літаратуры. У кнізе змешчаны 3 гравюры, кожная на старонку: герб Хадкевіча, выява апостала Лукі, геральдычная кампазіцыя з гербам г. Львова і друкарскім знакам Ф. У тым жа 1574 Ф. надрукаваў у Львове "Азбуку" ("Буквар") - першы друкаваны рускі падручнік з практыкаваннямі для навучання грамаце, прыкладамі спражэння дзеясловаў, скланення назоўнікаў і прыметнікаў, выкарыстання "прасодый" (узоры выкарыстання над- і падрадковых знакаў). Кнігу завяршаюць тэксты для замацавання і развіцця навыкаў чытання і пісьма, т. зв. тлумачальная азбука, шырока вядомыя малітвы. Урыўкі з біблейскіх кніг у "Азбуцы" падабраны так, што яны фармулююць мэтанакіраваную гуманістычную праграму пачатковай школьнай адукацыі (адзін экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага універсітэта, ЗША, другі - у Лондане).

У 1575 князь Канстанцін Астрожскі запрасіў Ф. на службу да сябе, дзе Ф. выконваў абавязкі аканома Дзерманскага манастыра. Каля 1578 К.Астрожскі заснаваў у Астрогу друкарню, у якой 18.6.1578 выйшла новае выданне "Азбукі", дапоўненае ў параўнанні з выданнем 1574 паралельнымі грэка-славянскімі тэкстамі, каб дапамагчы вучням авалодаць грэчаскай мовай (захаваліся 2 экз.: у Капенгагене і Гоце, Германія; невялікі яе фрагмент - у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы ў Маскве). У гэтым выданні ўпершыню надрукаваны помнік старажытнабалгарскай літаратуры "Аб писменах" Чарнарызца Храбра пад назвай "Сказание како состави святый Кирил Философ азбуку по языку словеньску". У 1580 Ф. надрукаваў у Астрогу Псалтыр і Новы Запавет элегантным малым фарматам (у "васьмёрку"; збераглося 68 экз.). Кнігу адкрывае прыгожы тытульны ліст, заключаны ў гравіраваную па дрэве рамку. Гэта трэці ва ўсходнеславянскай кнізе кірыліцкага шрыфту прыклад выкарыстання такіх рамак пасля тытульнага ліста Бібліі і "Малой падарожнай кніжкі" Скарыны. У тым жа годзе Ф. выдаў паказальнік да гэтых кніг: "Кніжку, збор рэчаў самых патрэбных..." - першы ў гісторыі айчыннай бібліяграфіі і дакументалістыкі алфавітна-прадметны паказальнік і адначасова зборнік афарызмаў і крылатых слоў (збераглося 16 экз.).

5.5.1581 у Астрогу лістоўкай Ф, надрукаваў "Храналогію" Андрэя Рымшы - першы ўсходнеславянскі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі (адзіны экзэмпляр зберагаецца ў Санкт-Пецярбургу). Да 12.8.1581 надрукаваў 1-е поўнае выданне славянскай Бібліі кірыліцкага шрыфту, т. зв. "Астрожскую біблію" (захавалася 275 экз.). У яе змесце і аздабленні адчуваецца ўплыў выданняў Скарыны. Арнаментальнае аздабленне Бібліі зроблена таксама пад пэўным уплывам арнаментыкі скарынінскіх выданняў. Прасочваецца тоеснасць і ў некаторых загалоўных літарах (у Дзяржаўнай Расійскай бібліятэцы зберагаецца экзэмпляр гэтай Бібліі, дапоўнены рукапіснымі копіямі прадмоў і пасляслоўяў Бібліі Скарыны).

З 1582 Ф. зноў у Львове. Імкнучыся сабраць сродкі на адкрыццё новай друкарні, Ф. адліваў гарматы, вынайшаў шматствольную марціру з узаемазаменнымі часткамі.

У 1583 ён пабываў у Кракаве, Вене і. магчыма, у Дрэздэне. Захавалася пісьмо Ф. саксонскаму курфюрсту Аўгусту, напісанае з Вены 23.7.1583. У канцы 1583 Ф. вярнуўся ў Львоў, дзе захварэў і памёр. Пахаваны ў Ануфрыеўскім манастыры. На яго надмагільнай пліце, якая захоўвалася да 1883, быў выбіты надпіс: "Друкар кніг дагэтуль нябачаных".


Глядзі таксама: