![]() Пераход:
|
Васіль Цяпінскі
каля 1540 - 1603(?) Амельяновіч Беларускі гуманіст-асветнік, пісьменнік і кнігавыдавец. Нарадзіўся ў сям’і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага пав. Мікалая Амельяновіча. Імя Васіля Ц. разам з братамі Жданам і Іванам Войнамі ўпершыню ўпамінаецца ў дакументальных крыніцах 1560-х гадоў (завяшчанне маці 1563, працэс 1564 з Ю.Осцікавічам, які зрабіў напад на маёнтак Ц. - Свіраны). Жонка Ц. Соф’я Данілаўна паходзіла з роду князёў Жыжэмскіх. Ц. меў радавы маёнтак Цяпіна (каля Лепеля), спадчынныя і набытыя ўладанні ў Мінскім, Лідскім, Ашмянскім, Віленскім пав. У 1567 служыў малодшым афіцэрам коннай роты аршанскага старосты Ф.Кміты-Чарнабыльскага. Прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558-63. Служыў у падканцлера Вялікага княства Літоўскага Астафія Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць на Беларусі і ў Літве. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў пачатку 1570-х ён жыў на Валыні. У канцы жыцця Ц., відаць, не захаваў за сабой усіх маёнткаў, бо ў студзені 1604 Полацкі гродскі суд разглядаў справу паміж яго сынамі і жонкай пра падзел толькі Цяпіна. Астатнія маёнткі, магчыма, былі прададзены ім на пакрыццё выдаткаў, звязаных з кнігадрукаваннем. Ц. прадоўжыў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Ф.Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з С.Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды. Як і С.Будны, ён прыйшоў ад кальвінізму да антытрынітарызму. У кнізе "Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскай веры" С.Будны паведамляў, што ў 1574 у доме "брата мілага Васіля Цяпінскага" адбыўся сінод антытрынітарыяў. У другой сваей кнізе ён пісаў пра сінод 1578, на якім Ц. адстойваў пазіцыю, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў і пагрозы тыраніі - гэта не грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды Ц. супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху. У 1570-я гады Ц. на свае сродкі арганізаваў друкарню (знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. У яго была неблагая бібліятэка, неабходная яму для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах - царкоўнаславянскай і старажытнарускай (беларускай) Ц. распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Зараз вядома толькі адно яго выданне Евангелле, якое выйшла каля 1570 і змяшчае евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Гэта частка выдання выяўлена ў 19 ст. у рукапісным зборніку, куды былі ўплецены 62 друкаваныя аркушы Евангелля Ц. Прадмова да гэтага выдання на 6 аркушах напісана Ц. Пры перакладзе Евангелля на беларускую мову Ц. абапіраўся на стараславянскія пераклады Свяшчэннага пісання асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў "своей Руси услугуючи". Пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу Ц. пісаў у рукапіснай прадмове да Евангелля. Ён высока цаніў "зацный, славный, острий, довстипный" беларускі народ, да якога адносіў і сябе. Занепакоены заняпадам нацыянальнай культуры і асветы, духоўнасці існуючага грамадства, ён звязваў яго з агульным заняпадам навукі і маралі, заклікаў паноў і духавенства дапамагчы паспалітаму люду адкрыць школы і ўзняць навуку "занедбаную". Ц. імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове як "сумы закону божиего", якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію. Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. У сваей прадмове да Евангелля Ц. пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяння непрыяцеляў, якія здзекаваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Матфея, Марка і пачатак з Евангелля Лукі. Выданнем Евангелля Ц. ставіў за мэту не толькі спрыяць рэлігійнаму выхаванню, але ўзняць асвету і нацыянальную самасвядомасць беларускага народа. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх "фалебными предками", саромеюцца свайго паходжання і мовы. Таму, паводле Ц., "за такою неволею" замест "мудрости и цвичения" "оплаканая неумеетность пришла, же вжо некоторые и писмо се своим... встыдают". Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю чалавека "для лепшого розсудку", каб у іх "детки смыслы свои неяко готовали, острили и в вере прицвичали". У сваім выданні Евангелля Ц. змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы. Мяркуюць, што ў 1562 Ц. надрукаваў у Нясвіжы 2 творы С.Буднага: "Катэхізіс" і "Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам". У Супрасльскім зборніку 16 ст. перад прадмовай да Евангелля Ц, змешчаны "Катэхизисъ, або Соума Науки детей въ Христе Исусе", магчыма, тэкст падрыхтаваны Ц.
|