![]() Пераход:
|
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
4.2.1808 - 29.12.1884 псеўд. Навум Прыгаворка Прадстаўнік культурна-асветнай плыні ў грамадскай думцы Беларусі, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі і тэатра. Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы (Бабруйскі р-н) у сям’і дробнага шляхціца. Закончыў Бабруйскую павятовую школу (1824). Вучыўся ў Пецярбургскім (ці Віленскім) універсітэце на медыцынскім факультэце. З 1827 служыў у Мінскай епархіяльнай кансісторыі, Мінскай крымінальнай палаце. У 1840 пакінуў службу, набыў фальварак Люцынка каля г. Івянца. Тут разгарнулася яго культурна-асветная, літаратурная і тэатральная дзейнасць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцця. У час паўстання 1863-64 абвінавачваўся ў распаўсюджванні "шкодных для ўрада" ідэй, быў арыштаваны, знаходзіўся пад следствам, потым выпушчаны пад нагляд паліцыі. Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасць пачаў з оперных лібрэта, першыя з якіх не захаваліся. У 1846 у Вільні надрукаваны яго драматычны твор "Сялянка" ("Ідылія"; пастаноўка ажыццёўлена ў Мінску ў 1852). У 1850-я гады стварыў шэраг паэтычных твораў, вершаваных аповесцей і апавяданняў - "Вечарніцы" і "Гапон" (1855), "Купала" (1856), "Шчароўскія дажынкі" (1857), "Травіца брат-сястрыца" і "Быліцы, расказы Навума" (нап. 1857). Пісаў таксама творы на польскай мове: "Благаславёная сям’я" і "Славяне ў ХІХ ст." (1856). У 1859 пераклаў на беларускую мову паэму А.Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Арганізаваў тэатральную трупу - першы беларускі тэатр, які наладжваў спектаклі ў Люцынцы, а таксама ў Мінску, Бабруйску і інш. месцах. У 1860-70-я гады напісаў камедыі "Пінская шляхта" і "Залёты". Значная частка яго твораў, у т.л. камедыі, не ўбачылі свету пры жыцці аўтара. У 1-й палове 19 ст. польская культура на Беларусі яшчэ захоўвала пануючае становішча, а абуджаная пад уплывам рамантычнай школы ў польскай літаратуры цікавасць да Беларусі-Літвы мела пераважна мясцова-экзатычны, фальклорна-этнаграфічны характар. У гэтых умовах Д.-М., абставінамі выхавання арганічна далучаны да традыцый польскай літаратуры і эстэтыкі, прыходзіць да сцвярджэння неабходнасці існавання беларускай літаратуры і культуры. Практычнай рэалізацыяй гэтай пазіцыі стала яго літаратурная творчасць на беларускай мове. Светапогляд Д.-М. меў пераважна маральна-эстэтычны характар, быў прасякнуты ўстаноўкай на пошукі гарманічных узаемасувязей у сферы сацыяльных адносін, а таксама ў галіне культуры, маралі, нацыянальнага жыцця. Асновай, на якой магчыма было дасягненне гэтага гарманічнага адзінства, Д.-М. лічыў узровень патрыярхальных адносін. Так выяўлялася арыентацыя на мінулае як крыніцу ідэалізаваных норм адносін паміж людзьмі і імкненне да ідэальнай сучаснасці. Спроба рэстаўрацыі ідэалізаванага мінулага абумоўлівала тэндэнцыю да разумення ім сутнасці быцця як трывала ўсталяванага, гарманічна завершанага. Гаворачы пра вытокі сваёй літаратурнай дзейнасці, Д.-М. пісаў: "Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга племені, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў для заахвочвання яго да асветы ў духу яго звычаяў, паданняў і разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы" (Там жа. С. 481). Момант "заахвочвання да асветы" і маральнага ўдасканалення пісьменнік падкрэсліваў пастаянна. Абуджэнне народа да духоўнага жыцця ён разглядаў як крок унутранага развіцця, які зробіць рэальным маральныя ўяўленні пра гарманічныя адносіны паміж людзьмі, найперш паміж панам і селянінам. Паводле меркавання пісьменніка, дасягненне гэтай мэты ў большай ступені залежала ад паноў, ад таго, наколькі яны самі стануць носьбітамі лепшых духоўных якасцей і будуць садзейнічаць укараненню гэтых маральных уяўленняў. Існаванне літаратуры на беларускай мове абгрунтоўвалася ім задачамі асветніцкімі і "маральнага выпраўлення", што адкрывала шлях да пераадолення сацыяльных цяжкасцей. Ступень яе ўздзеяння вызначала і важнасць ускладаемай на літаратуру ролі. Таму была пастаўлена праблема даступнасці літаратуры. На першы план Д.-М. вылучаў фактар беларускай мовы, неабходнасць захоўваць яе адпаведнасць узроўню духоўнага развіцця чалавека працы (дух народных звычаяў, паданняў). Так пазначалася фальклорна-этнаграфічная арыентацыя літаратуры на беларускай мове, зварот яе да каштоўнасцей народнай культуры. Праблема культурнай пэўнасці Беларусі вырашалася ім як сінтэз і адзінства дзвюх культур - дваранскай і народнай, першая нясе высокі ўзровень духоўнасці, другая вызначае самабытнасць. Такое адзінства дваранскай і народнай культур павінна было стварыць фундамент, абумовіць характар новай беларускай культуры, дзякуючы якой "мясцовы" патрыятызм перастане адыгрываць другарадную ролю і набудзе самастойнае абгрунтаванне. У гэтым Д.-М. бачыў прызначэнне беларускіх пісьменнікаў. Менавіта гэта думка выказана ў "Літаратурных клопатах": "Захаваць старыя звычкі просім вас, паэтаў, вы злучаеце веру продкаў з нашаю асветай" (Збор тв. Мн., 1958. С. 234). Імкненне Д.-М. да гарманічнага вырашэння грамадскіх супярэчнасцей і праблем пастуліравала раўнапраўе ў яго ідэйна-мастацкай канцэпцыі рэчаіснасці і ў ідэальнай сферы двух бакоў - панства і сялянства, жыцця паноў і народнага жыцця. Ідэальныя вобразы паноў ілюстравалі тэзіс пісьменніка пра добрага пана - клапатлівага бацьку сваіх сялян. Сам пісьменнік адзначаў, што яны не былі рэальнымі вобразамі. Адначасова ўвядзенне народнага жыцця ў сферу ідэальнага мела наватарскае на той час значэнне, прынцыпова важнае для далейшага развіцця беларускай літаратуры. У рэчышчы дыдактычнай накіраванасці Д.-М. стварыў шэраг вобразаў сялян (Ананій у "Вечарніцах", Халімон Накліка ў "Купале"), хавальнікаў патрыярхальнай маралі (даследчыкі справядліва адзначалі аднатыпнасць і слабасць гэтых вобразаў). Сапраўдныя ж мастацкія дасягненні пісьменніка ляжалі па-за межамі такой накіраванасці. Гэта смелы і рашучы чалавек, здольны пастаяць за свае правы Гапон, светлы і чысты вобраз Агаткі з "Купалы" і шэраг інш. вобразаў, у якіх адлюстраваны рэальныя рысы народных характараў. Маральны характар ідэалу, што сцвярджаў Д.-М., выразна высвечваўся тымі патрабаваннямі, якім, на яго думку, павінен адпавядаць сапраўдны чалавек ("Залёты"). Сапраўдным чалавекам, высока маральным выступае ў яго адукаваны, гуманны памешчык, які не спяшаецца безразважна пераймаць чужыя норавы і павевы і накіроўвае свае намаганні на дабрабыт роднага краю. Селянін пры гэтым застаецца аб’ектам яго гуманізатарскай і асветніцкай дзейнасці. Пісьменнік рабіў выразны акцэнт на "добрай славе ў людзей", падкрэсліваючы матывы служэння люду, адзначаў, што перш за ўсё трэба бачыць духоўна-маральныя якасці ("сэрца"), адукаванасць і "славу ў людзей", а не звяртаць увагу на багацце чалавека.
|